“З-пад вытокаў Нёманскіх”. Выстава жывапісу і скульптуры ў Уздзенскім музеі

"З-пад вытокаў Нёманскіх”

Выстава "З-пад вытокаў Нёманскіх” сабрала ў ліпені наведвальнікаў Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея на сустрэчу з прыгажосцю.

Чатыры непаўторныя аўтары – мастакі Андрэй Лычкоўскі, Мікалай Мішчанка, Алесь Філіповіч і малады скульптар Яраслаў Філіповіч стварылі цікавы групавы праект, пачатак якому дала уздзенская зямля.

Квартэт майстроў прадставіў для гледачоў свае творы, выкананыя ў рознай тэхніцы жывапісу і скульптуры.

Натхнёны роднымі краявідамі мастак, настаўнік Уздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.Крапівы Андрэй Лычкоўскі ў сваіх творах паказаў усю прыгажосць роднай зямлі. Палотны "Вясна”, "Клёны”, "Старыя вербы”, "Летам”, "Восень”, "Лёгкі ветрык” зачароўвалі з першага позірку.

Напісаныя акварэллю, нацюрморты Мікалая Мішчанкі "Бэз”, "Кветкі”, "Жоўтыя ружы” акуналі нас у асалоду розных пор года, сакавітыя кавуны запрашалі да карціны-стала і закраналі патаемныя струны нашых жаданняў.

Пейзажы Алеся Філіповіча "Паставы”, "Укрыжаванне”, "На радзіме Язэпа Драздовіча”, "Вясна” завочна знаёмілі гледачоў з самымі непаўторнымі месцамі нашай радзімы і дазвалялі палюбавацца іх краявідамі.

Незвычайнасцю, пранікнёнасцю пачуццяў, пластычнасцю выканання, аўтарскім светапоглядам аздаблялі выставу скульптуры Яраслава Філіповіча. Работы "Муза”, "Ветрык”, "Залатая антылопа”, "Лось”, "Чароўны арэх” выкананы з розных матэрыялаў: бронза, пластылін, дрэва, алюміній. Асобнай увагі заслугоўваў макет помніку Кандрату Крапіве ў выглядзе байкапісца, які сее свае байкі. Мара аўтара – зрабіць гэты помнік для уздзенскай зямлі.

Вядучая свята старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Зоя Калкоўская расказала прысутным пра аўтараў, пра іх творчую дзейнасць, чытала свае вершы.

Музычныя нумары, па-майстэрску выкананыя пад гітару, для ўдзельнікаў выставы падараваў Алег Каламіец, загадчык метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры. Прагучалі песні аб мастаках, сяброўстве, аб Уздзеншчыне на словы вядомых уздзенскіх аўтараў П. Шыдлоўскага і М.Стараверава.

___________________________________________________________________

Запрошаныя госці свята высока ацанілі творы майстраў, выказвалі свае меркаванні наконт працягу такіх мерапрыемстваў на уздзенскай зямлі. Сярод іх былі - начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Уздзенскага райвыканкама Наталля Кананенка, мастацтвазнаўца, прафесар Беларускай акадэміі мастацтва Яўген Шунэйка, член саюза мастакоў РБ Леанід Гоманаў, які напрыканцы праграмы ўручыў у падарунак карціны для выставы дырэктару Уздзенскага сельскагаспадарчага ліцэя Валерыю Фалейчыку.

У сваю чаргу Валерый Фалейчык падзяліўся з прысутнымі будучымі планамі правядзення рэстаўрацыі Кальвінскага збора і запрасіў усіх наведаць наступную выставу мастацкіх работ аб знакамітых мясцінах раёна ўжо ў ліцэі ў пачатку восені.

Усе прысутнічыя мелі магчымасць пазнаёміцца з вялікай колькасцю краязнаўчых матэрыялаў, прадстаўленых у журнальным і электронным выданнях інтэрнэт-музея "Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА”.

Жадаючыя маглі пакінуць свае ўражанні ў памятнай кнізе водгукаў музея.

Выстава, якая арганізавана ў Уздзенскім музеі, гэта першы крок на шляху дэталёвага знаёмства беларускага грамадства з мастацтвам Наднямоння.

Ірына Бельская, бібліятэкар СШ №1 імя А.С.Пушкіна

спецыяльна для праекта "Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА"

877