Яўген Шунейка. ПАД СКЛЯПЕННЯМІ МУЗЕЯ БЕЛАРУСКАГА ПАЛЕССЯ

ПАД СКЛЯПЕННЯМІ МУЗЕЯ БЕЛАРУСКАГА ПАЛЕССЯ


Красивые уголки природы, интересные моменты из жизни людей в живописных работах, представленных на суд пинских зрителей. Проект под названием "Ад Нёмана да Піны" объединил общей идеей знаковых художников в белорусском искусстве.
Гомонов Леонид
Ладутько Федор
Лычковский Андрей
Мищенко Николай
Филиппович Алесь
Филиппович Ярослав
Шунейко Евгений

Через свои произведения они несут людям чувства. В каждой картине - маленькая душа художника, будь это пейзаж, графика, или воплощение женской красоты в скульптуре.
Известные белорусские художники, которые объединились вместе, чтобы нести свое искусство людям, исповедуют романтические, реалистические подходы в своем творчестве, поэтому их работы особенно близки провинциальному зрителю.




Мастацкая выстава ў кантэксце праекта "Выток Нёмана – выток духоўнасці” экспануецца, бадай што ў адным з самых лепшых выставовых залаў Беларусі, што знаходзіцца на першым паверсе будынка XVIXVIII cтcт., былога іезуіцкага калегіума ў Пінску.

Цудоўнейшы па прыгажосці сваёй архітэктуры і навакольнаму асяроддзю горад рэдка наведваюць арганізатары выстаў са сталіцы.

Таму ўдвая было прыемна, што адразу сем аўтараў-мастакоў з Мінска і Узды злучылі свае намаганні, каб іх творы маглі экспанавацца ў вялікім двухсотмятровым памяшканні ў стылі беларускага Адраджэння.

Яны вырашылі паказаць свае творчыя здольнасці з надзеяй, што іх мастацтва будзе станоўчым чынам успрынята  і ў далейшым з’явіцца магчымасць рэгулярна супрацоўнічаць з пінскім музеем, праводзячы выставы з канкрэтна-скіраванай рэгіянальнай тэматыкай. На гэта скіроўвала і сама назва выставы  "Ад Нёмана да Піны”,  ў якой закладзена ідэя заснавання творчых шляхоў па рамантычнай беларускай зямлі.


  На выставе дамінавалі па колькасці алейныя пейзажы, напісаныя з натуры ў розных регіёнах Беларусі і за яе межамі.




     Мікалай Мішчанка (Мінск), выдатны арганізатар ў 2000-х гг. шматлікіх міжнародных пленэраў жывапісу на Магілёўшчыне і Гомельшчыне, прынцыпова малюе свае пейзажы толькі з натуры.

   Адсюль іх такая канкрэтная выразная пазнавальнасць і запамінальнасць: ”Касцёл у Івянцы”, "Сонечны дзень у Дукоры”, "Паставы”, "Пейзаж з чырвоным дрэвам” і інш.

     Яго жывапіс насычаны колерамі ранішняга і дзённага святла, спалучэннем тонкіх адценняў неба, вады, зеляніны летніх дрэў, золатам восеньскіх даляглядаў і т.п..





     Леанід Гоманаў (Мінск) з 1990-х гг. стаў самым актыўным беларускім пейзажыстам, які прымае ўдзел ў розных міжнародных і рэспубліканскіх пленэрах жывапісу.  

     Яго прывабліваюць вельмі тонкія каляровыя суадносіны ў адлюстраванні матываў раніцы, ранняй вясны, зімовых пейзажаў з вясковымі хацінкамі і бярозамі ў срэбраных шатах шэраню. На выставе мастак пазнаёміў гледачоў  з нізкай сваіх лірычных пейзажаў 2009 года, у якіх паказаў маляўнічыя куточкі Беларусі і суседняй Цвярской зямлі, што мяжуе з Віцебшчынай. 




     Андрэй Лычкоўскі (Узда), вопытны педагог па маляванню ў сярэдніх школах, таксама працуе выключна на пленэрах на Міншчыне з ранняй вясны да позняй восені. Яго пастозныя і насычаныя па колеры алейныя пейзажы прысвячаюцца маленькім рачулкам (Уздзянка, Уса, Ула), старым дрэвам, заснежаным палеткам, сцяжынкам у збажыне і іншым "сціплым” матывам. Ён можа ажывіць іх і выклікаць захапленне гледачоў, дзякуючы вялікаму натхненню, любові да родных мясцін і адчуванню невычэрпнага колеравага багацця.



      Фёдар Ладуцька (Мінск) доўгі час паспяхова займаўся дызайнам музейных экспазіцый,  але неўзабаве зразумеў, што без стварэння пейзажных вобразаў не можа сябе адчуваць спакойна.

       Ён рэгулярна выязджае на эцюды на Пастаўшчыну,  каб маляваць надзвычай захаваныя ў сваёй першабытнай красе азёры Балдук, Глыбелька, Імшарнік і іншыя натуральныя вадаёмы, сапраўдны блакітны россып на лясной прасторы Віцебшчыны.

      Ён праявіў сябе як майстар пастэльнай тэхнікі, якая дазваляе абагульняць і канцэнтраваць увагу на самым галоўным у яго матывах: адвечна-задуменным стане роднай     прыроды ў яе запаветных мясцінах.  


Алесь Філіповіч  з’яўляецца ўдумлівым настаўнікам і жывапісцам, апошняе пераважыла, і ён з сям’ёй пераехаў на вёску Куль Уздзенскага раёна, дзе пачаў у 2000-х гг. актыўна працаваць над гістарычнай, партрэтнай і пейзажнай тэматыкай.
      Асабліва ўдалымі ў яго атрымоўваюцца пейзажы з сімвалічным і мемарыяльным падтэкстам "Укрыжаванне”, "Залаты час”, "Засценак Пунькі. Малая Радзіма Я.Драздовіча”.  Трэба таксама адзначыць на выставе яго партрэтныя вобразы на творах "Маладыя”, "Алесь у полі”, дзе праяўляюцца выразныя рамантычныя рысы характараў нашых сучаснікаў.




      Сын жывапісца Яраслаў Філіповіч стаў таленавітым маладым скульптарам, выпускніком Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 2008 года.

     Жыве і працуе ў Мінску над шматлікімі манументальнымі кампазіцыямі. Але заўсёды прымае ўдзел ў калектыўных выставах пад дэвізам нёманскіх вытокаў.  Пінскіх гледачоў глыбока ўразіла яго скульптурная кампазіцыя з дрэва "Святы Валянцін, апякун закаханых”, бо многія яшчэ добра памятаюць пінскага кардынала Казіміра Свёнтка,  які з 1953 года жыў і займаўся духоўнай дзейнасцю ў гэтым палескім асяродку, несучы людзям хрысціянскую любоў
і міласэрднасць.

  

     Аўтар гэтых радкоў вырашыў дапоўніць экспазіцыю сваімі тэкстыльнымі кампазіцыямі  2009 года,  якія былі прысвечаны 1939  году ў Заходняй Беларусі. Як вядома, тады адбылося гістарычнае аб’яднанне нашай краіны.

     Пінчане таксама могуць прыгадаць тыя падзеі пры дапамозе мастацкіх узораў, што вобразна набліжаюць мінулае. Несумненна, што спалучэнне розных відаў мастацтва ў экспазіцыі яшчэ больш абвастрае агульнае эстэтычнае ўражанне, дазваляе рабіць розныя параўнанні, выказываць арыгінальныя меркаванні. 



      Так і адбылося падчас адкрыцця выставы 23 жніўня.  Гледачы вельмі ветліва і ўважліва паставіліся да сваіх жаданых гасцей.  Іх парадавала сустрэча з новымі творамі мастацтва, а таксама тое, што мастакі з непрыхаваным захапленнем распавядалі пра свае пінскія ўражанні, дзячылі арганізатарам за магчымасць выставіць свае творы ў выдатнейшай гістарычнай зале, пра якую можна толькі марыць!

        Шмат пінскіх мастакоў знайшло час, каб прыйсці на адкрыццё і падтрымаць сваіх калег з Мінска і Узды.  

Вядомыя палескія творцы Сяргей Харашаўцаў, Сяргей Жылевіч, Віктар Сагановіч, Генадзь Гурын, Аркадзь Шустэрман, Віталь Лац, а таксама сёлетняя выпускніца мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М.Машэрава Вольга Глобаж  доўга дыскутавалі ля мастацкіх твораў на выставе, адзначалі ў іх самае цікавае і ўдалае.



      Немагчыма было развітацца, каб не вызначыць пры гэтым сумеснай творчай перспектывы. Яна заключаецца ў тым, што неўзабаве мінскія, уздзенскія і пінскія мастакі сустрэнуцца ізноў на берагах Піны і правядуць свой першы рэгіянальны пленэр, прысвечаны Пінску, сапраўднай пэрліне палескага краю.
       Гэтую ідэю таксама падтрымлівае дырэктар музея Ірына Дзямчук і яе калегі - супрацоўнікі.
 Напрыклад, пасля экскурсіі па музейнай экспазіцыі, якую правяла для мастакоў Ірына Федаровіч, стала відавочна, што пінская тэматыка глыбокая і невычэрпная. Яе можна вырашаць агульнымі намаганнямі і на працягу працяглага часу. Але і здабыткі абяцаюць быць небывалымі. Напрыклад, якую цікавую старонку свайго жыцця перажыў  Якуб Колас, калі быў тут настаўнікам; якое маляўнічае багацце этнаграфічных і пейзажных матываў тут чакае сваіх мастакоў-першапраходцаў! 
      Словам, вочы мастакоў загарэліся, а думкі напоўніліся новымі вобразнымі ўяўляннямі. 
Гэта выстава, з творчымі дасягненнямі якой гледачы могуць пазнаёміцца да 20 верасня, па-сутнасці, першы марш-рывок ад вытока Нёмана да берагоў Піны.  А затым, несумненна, будуць ладзіцца новыя выставы,  якія пашыраць і паглыбяць палескую рэгіянальную тэматыку.
    

 



 Яўген Шунейка,


кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў  

825