Эжэн Шушу. Залаты фонд на чыстым аркушы


ЗАЛАТЫ ФОНД НА ЧЫСТЫМ АРКУШЫ

         

Раз у год з нагоды Міжнароднага Дня Жанчын ў вялікай колькасці паспешліва прадаюцца цюльпаны, мімозы, хрызантэмы, ружы... У першай палове дня, 7 сакавіка паўсюль можна бачыць вельмі шмат мужчын самаго рознага ўзросту з букетамі кветак і ўпакоўкамі адмыслова выпечаных тартоў.

Увечары 7 сакавіка паўсюль можна бачыць вельмі шмат жанчын самага рознага ўзросту з усхваляваным выразам твараў. Яны туляць да сэрдца шыкоўныя букеты ці асобныя кветкі, самі так падобныя да гэтых трапяткіх далікатных веснавых падарункаў.


8 сакавіка на вуліцах ужо зрэдку ўбачыш кветкі ў руках мужчын і жанчын. Гэта – дзень адпачынку. Ніхто нікуды не спяшаецца і, у асноўным, усе праводзяць час дома.


Мужчыны (мабыць) мыюць посуд, а жанчыны (магчыма) бавяць вольны час у тэлевізара.


 9 сакавіка ўжо не прынята дараваць жанчынам кветкі з нагоды таго, што яны не перасталі быць цудам прыроды (як гэта слезна і паўсюдна  дэкларавалася яшчэ пазаўчора).
Каб ізноў пачуць падобнае, трэба чакаць да 7-8 сакавіка наступнага года.


Выйсце з такіх рэдуцыраваных абставін, якія дазваляюць цалкам свабодна натхнёным асобам выказваць свае лепшыя пачуцці і адносіны да жанчын, крыецца ў мастацкай творчасці. Тут не трэба пазіраць на асобныя святочныя дні ў календары.  Хоць кожны дзень звяртайся да ўпадабаных вобразаў. Малюй іх на фоне кветак, на аўтобусных прыпынках, у супермаркетах, у хвалях цёплага мора і да т.п. Яны ніколі не стамляюць, іх заўсёды будзе мала, бо вобраз жанчыны ў мастацтве – стрыжань мастацтва ад яго першабытных пачаткаў да сёняшняга і будучага часу.                                                                                                     Беларускім мужчынам  вельмі пашчэсціла. Яны могуць штодзень бачыць мо самых прыгожых у свеце жанчын. Пра гэта неяк не прынята ўслых казаць, але і не забаронена разважаць на гэту тэму. Таму мастакам, як самым чуйным да адлюстравання прыгажосці асобам, тут, можна сказаць, даецца вялікі "КАРТ-БЛАНШ”.


Ад белага аркуша можна пачынаць выяўляць свае непаўторнае бачанне ідэальнай жаночай красы, і самі жанчыны будуць дапамагаць сваім выглядам, рамантычнымі настроямі, густоўнымі прычоскамі і адзеннем фарміраваць такі мастацкі ідэал. Ніхто ж не будзе аспрэчваць, што жанчыны, жанчыны з немаўляткамі і больш дарослымі дзеткамі – невычэрпна-прыгожы залаты генетычны фонд нацыі. 



Эжэн Шушу даўно гэта зразумеў і таму чакае кожнага зручнага моманту каб такія ісціны сцвердзіць у сваёй творчасці. Каб не беларускія жанчыны, яго імя б не нарадзілася ў
сучасным мастацтве.


Ён ім вельмі ўдзячны, перш за ўсё, за міласэрнасць, спагадлівасць. дабрыню, асаблівае чалавекалюбства, самаахвярнасць. Яшчэ бацька Эжэна распавядаў у халодныя
зімовыя вечары, як іх далёкі прадзед прымаў удзел у вайне 1812 года. Яго тады ўжо амаль замерзлага ў восеньскую сцюжу маладога жаўнера-пехацінца выратавала, абагрэла, падзялілася апошнім кавалкам хлеба і дапамагла ў вяртанні на радзіму простая беларуская жанчына Марыя Дабрадзейчык.    


Гэта сямейная легенда вызначыла ідэйна-мастацкія прыярытэты Эжэна, адоранага ад прыроды бачыць жаночае хараство.


І прозвішча яго гэтаму вельмі адпавядае.


"Шушу” па-беларуску мо і гучыць як нешта такое неўразумелае, а па-французску гэта – фаварыт, дарагі сэрдцу, вельмі любы для якой- небудзь паненкі і інш. Падобнага такога прозвішча ў сучасным мастацтве няма, і пра Э.Шушу яшчэ далёка не ўсе ведаюць.


Але ён і не хаваецца ад прыхільніц сваёй творчасці, даволі часта сярод белага дня з’яўляецца на мінскіх выставовых пляцоўках і малюе жаночыя партрэты з натуры на працягу 4-5 гадзін запар.


Яго ўжо пазнаюць па малінаваму берэту, цёмнай блузе, срабрыстай барадзе і вусам сталага маэстра. Ён лічыць сябе сучасным прадстаўніком рэнэсанснай традыцыі хуткага
аднасеанснага малюнка, які перадае галоўнае ў партрэце асобы: характар, настрой, падкрэслівае рысы індывідуальнай прыгажосці. 


Карыстаецца Эжэн звычайна пастэльнымі крэйдамі, мяккім алоўкам, сангінай, іншымі матэрыяламі, каб хутка і шмат намаляваць на працягу аднаго сеанса на белых ці таніраванных аркушах паперы мілых і чароўных тварыкаў.

Ён мог бы ўвесь час толькі гэтым і займацца. Але не без падстаў лічыць, што ў Беларусі выдатная мастацкая школа, выхаванцы якой не горш за яго могуць штодзённа маляваць цудоўных красунь.

Яго мэта – час ад часу прыгадваць іншым калегам, што нельга без такого непасрэднага творчага далучэння да сапраўднага хараства быць прафесійным мастаком.



Як толькі ён садзіцца за мальбэрт і бярэ ў рукі пастэль, яго адразу абступаюць шматлікія мадэлі, гатовыя гадзінамі чакаць сваёй чаргі для таго, каб пазіраваць неўтаймаванаму творцу. Ён ужо не раз адзначаў для сябе, што беларускія жанчыны народжаныя, каб пазіраваць мастакам.

Як толькі яны ловяць на сабе першы ўважлівы позірк маэстра, адразу праяўляецца іх багатая духоўнасць, вобразная глыбіня, даверліва прыадчыняюцца праз мяккія усмешкі, выразныя вочы светлыя мары і пачуцці. 

Кажуць, што партрэты мастака, калі іх належным чынам захоўваць, дапамагаюць  сустрэць каханага, спрыяюць  сямейнаму шчасцю і нараджэнню дзетак.



Эжэн не можа забыцца, як аднойчы маляваў маладую дзяўчыну. Яна адразу яго папрасіла, каб ён адлюстраваў яе на партрэце так, як і яе сяброўку: каб не было нічога выпадковага і дробязнага, а выяўляўся настрой, стан душы.

Менавіта гэтага і дабіваецца мастак у хуткім працэсе малявання, калі за 15-20 хвілін на паперы раптоўна ажывае духоўна-прасветлены твар чарговай мадэлі.

І ўсе навокал пачынаюць бачыць і разумець тое, чаго часта не хапае ў звычайным фотаздымку ў параўнанні з  рукатворным мастацкім адлюстраваннем.          


У гэты час пачынае трыумфаваць агульнае адчуванне вобразнага хараства, якое натхняе, дае веру ў яго неабмежаваныя магчымасці змяняць жыццё да лепшага, уплываць на гарманізацыю духоўнага стану людзей.


Адразу становіцца яснай прынцыповая розніца паміж пажадлівай рэкламай, якая прагматычна эксплуатуе жаночае хараство для продажы тавараў і рознымі кічавымі вычварствамі на тэму жаночай аголенасці (што недаравальна прыніжаюць жаночую красу), і  па-сапраўднаму натхнёным жаночымі вобразамі мастацтвам, у якім яны ўзвышаюцца, становяцца каштоўнейшым узорам творчасці, яго залатым фондам.



Доўга яшче не адпускаюць беларускія прыгажуні са свайго "палону” стомленага, але шчаслівага мастака, здымаюцца на добрую памяць, выказваюць удзячнасць за  цудоўныя хвіліны творчага працэса, перажытага разам на адным дыханні.

Потым Эжэн збірае ў скрыначкі і ў папачкі свае творчыя прылады, старанна мые рукі, прыглажвае растрапаныя ад натхнёнай дзейнасці валасы і развітваецца з аматарамі яго творчасці да наступнай сустрэчы.

Ці хто чуў пра новы прыезд Эжэна Шушу, які так шчыра малюе нашых суайчынніц?  Пакуль-што немагчыма дакладна сказаць пра дзень яго чарговага мастацкага візіта, які выявіць новыя захапляльныя ўзоры
беларускай жаноцкасці.


Але ён неўзабаве з’явіцца, абавязкова з’явіцца.


Бо калі хоць раз перажыць вялікае творчае адкрыццё, узнікае неадольнае жаданне і надалей узбагачаць свае "залатыя здабыткі”.                        


 


Яўген Шунейка, мастацтвазнаўца, сведка і прыхільнік творчасці Эжэна Шушу.





В.Лычковский (сост.). Девочка значит БОЖЕСТВЕННАЯ










Девочка значит БОЖЕСТВЕННАЯ

------------------------
Крыніца
------------------------

715