Пад мурамі Лідскага замка

ПАД МУРАМІ ЛІДСКАГА ЗАМКА

 

Горад Ліда – адзін са старадаўніх і вельмі сучасных цэнтраў культурнага жыцця Гродзеншчыны.

Тут знаходзіцца на вуліцы Перамогі ў новым і проста грандыёзным будынку  выдатная дзяржаўная ўстанова – “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”, які спецыялізуецца на папулярызацыі гісторыі, краязнаўства і мастацтва.

Сюды скіраваліся  23 красавіка актывісты творчага праекта “Выток Нёмана-выток духоўнасці”, каб правесці чарговую перасоўную выставу “Абуджэнне”.

Сама вясна падказала такую трапяткую назву і натхніла ў светлы дзень на падарожжа да маляўнічага і па-гаспадарску дагледжанага горада адразу на трох машынах са шматлікімі творамі з Гродна, Узды і Мінска.

Гродзенскія мастачкі Марына Эльяшэвіч і Алена Шунейка падрыхтавалі графіку і ткацтва, мінчукі Эдуард Астаф’еў і Фёдар Ладуцька скульптуру і пастэльныя краявіды і г.д. 

Мастакі з энтузіязмам і вельмі актыўна ўзяліся за падрыхтоўку экспазіцыі і за лічаныя гадзіны ўсё было развешана і пастаўлена з густам і розумам.

З’явіліся шматлікія наведвальнікі, загучала музыка і адбылося  святочнае адкрыццё.       

Для мастакоў-перасоўнікаў гэта выстава стала  важнай этапнай падзеяй у іх творчасці. Лідская выставовая зала, на іх думку, з’яўляецца адной з лепшых у нашай краіне па архітэктурнаму вырашэнню, асвятленню і ўрачыстай атмасферы, што дапамагае значна лепш убачыць і асэнсаваць прадстаўленыя ў ёй творы.

А іх было вельмі шмат у кожнага аўтара. Напрыклад, малады ўдзельнік праекта з Мінска Уладзімір Сайко здолеў выставіць тут 30 твораў. Гэта не толькі жывапісныя пейзажныя эцюды і партрэты, але і вялікі па памерах і зместу твор “Бярэзінскія  атланты” і інш.

Кожны з аўтараў выставы ўнёс свой творчы ўклад у агульны поспех.

Андрэй Лычкоўскі парадваў наватарскімі пейзажнымі вырашэннямі, Фёдар Ладуцька змусіў задумацца над праблемамі быстрацечнасці часу ў сваіх пейзажных адлюстраваннях воднага люстэрка.

Марына Эльяшэвіч усхвалявала графічнымі жаночымі партрэтамі сучасніц з праявамі рэтра-стылю ў адзенні і аксесуарах.

Э.Астаф’еў   упершыню ў Лідзе прадэманстраваў свае скульптурныя ўзоры дробнай пластыкі, вырашаныя з любоў’ю і  гумарам і веданнем жыцця дзяцей і дарослых.

Алена Шунейка сваімі габеленамі пераканала  у каштоўнасці гістарычнай тэматыкі, звязанай з Гродзеншчынай. 

А.Шунейка “Фарны касцёл Вітаўта”, падвойнае ткацтва. 

А.Шунейка “Падарожжы апостала Паўла”, падвойнае ткацтва.

Кіраўніца галерэі, выпускніца Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Таццяна Нікіфарава высока адзначыла творчыя і арганізацыйныя здольнасці сваіх гасцей-мастакоў і прапанавала ім пашыраць і ўмацоўваць далейшае творчае супрацоўніцтва з Гродзеншчынай.

Злева-направа: Ф.Ладуцька, Я.Шунейка, Т.Нікіфарава, У.Сайко, А.Лычкоўскі.

Гэта было ўспрынята ўсімі удзельнікамі выставы з вялікім задавальненнем.

Цяпер іх творчыя праекты і маршруты вандровак заўсёды будуць звязаныя з Лідай, дзе яны адчулі сябе вельмі паважанымі і доўгачанымі творцамі.  

    
Мастацтвазнавец Я.Шунейка    

Я.Шунейка “Прыгоды кавалера Стася. У Гродне дождж, а для каханых Стась заўсёды госць жаданы”, тканіна, набіванка. 

Я.Шунейка “Прыгоды кавалера Стася. Стась да Ліды пад’язджае, на спатканне запрашае”, тканіна, набіванка.

 

Крыніца

690