ІV рэгіянальнае свята-конкурс вышыўкі і ткацтва паясоў "Умельцы”. г.Узда, 29.06.2013

ІV рэгіянальнае свята-конкурс вышыўкі і ткацтва паясоў "Умельцы”. г.Узда, 29.06.2013


НАКАЗ   УДЗЕЛЬНІКАМ АД

ЯЎГЕНА МІХАЙЛАВІЧА САХУТЫ, старшыні Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці


Шаноўныя, дарагія людзі!

Вітаю вас, нашы шаноўныя ўздзенцы, гаспадары гэтага куточка зямлі, вітаю вас, нашы шаноўныя майстры і майстрыхі, на IV свяце, якое стала ўжо традыцыйным, так, як стала традыцыйным свята ткацтва ў Старых дарогах, разьбяроў у Мядзелі, лыжкароў  у Бярэзіно, ганчарства ў Івянцы.

І гэта выдатна. Вы "прыХватызавалі" :)) вялікую значную дзялянку народнай мастацкай культуры, трымайце яе, нікому не аддавайце, гэта вельмі цікавая галіна нашай культуры.

Прадоўжвайце, развівайце і на сваей
зямлі, прыцягвайце ўсю абласць сюды, і не толькі вобласць, думаю, што ў яго будзе больш шырокі маштаб.


Вельмі прыемна бачыць такі вялікі, як ніколі, атрад, амаль 80 удзельнікаў.

Мы выязджалі сення з Мінска - суцэльны дождж, прыязджаем да паварота на Узду - таксама дождж, пад'язжаем да Узды -
суцэльны дождж, думаем, дзе ж яны, бедныя майстры і майстрыхі размесцяцца..
Прыехалі на месца, а тут, бацыце, проста цудоўна. Значыць нам спрыяюць і Бог, і прырода.


Наша журы сваю справу ведае, пастараемся ацаніць па меры магчымасці,
майстэрства кожнага і кожнай з вас, і кожнаму, кожнай з вас аддаць належнае.


Са святам вас!

"Госці з далек” - у выкананні нар. анс.
нар. песні РЦК "Зборная субота”



29 чэрвеня 2013 года ў г.Узда Мінскай вобласці адбылося ІV рэгіянальнае свята-конкурс вышыўкі і ткацтва паясоў "Умельцы”.

У гэты дзень 90 майстроў і іх вучняў з 13 раёнаў Мінскай вобласці сустрэліся на святочнай пляцоўцы, што размясцілася на гарадскім стадыёне.

Чаго там толькі не было! Ручнікі, сурвэткі, падушкі, абрусы, вышытыя традыцыйнымі тэхнікамі набора, чырвоным і чорным крыжыкам, яскравай маляўнічай гладдзю; дэкаратыўныя пано з пейзажамі і казачнымі сюжэтамі, пярэстыя паяскі, выплеценыя ці сатканыя з рознакаляровых нітак, і паласатыя, і ўзорастыя, з кутасамі і пампонамі.

Гран-пры на свяце-конкурсе ўзялі дзве майстрыхі: па вышыўцы – Святлана Шчэрбач, кіраўнік "народнага” клуба майстроў "Сузор’е” Уздзенскага РЦК, па паясах – Святлана Адзінец, майстар Закальнецкага СДК Любанскага раёна. 


Тамара Аксёнчык, таксама з Любанскага раёна, стала лаўрэатам у намінацыі "Лепшая хатняя калекцыя паясоў”. Такія паяскі ў даўніну дзяўчаты рыхтавалі ў вялікай колькасці.
Усюды яны былі патрэбныя: і ў гаспадарцы, і падчас розных абрадаў.

Напрыклад, на вяселле: і свякрусе падарыць, і на печ пакласці, і ў
чырвоны кут, і на венік павязаць, і хатняй жывёле на рогі, каб усе і ўсё ў новай хаце спрыяла маладой гаспадыні. І сватам "ногі спутаць”, каб моцна не закружылі ў танцы.

Цудоўныя вышываныя ручнікі "народнага майстра Беларусі” Вольгі Сцепановіч з Нясвіжскага раёна адзначаны журы за традыцыйнасць. Майстрыха адна з нямногіх дэманстравала найбольш характэрныя для беларускай вышыўкі вырабы з ромба-геаметрычным арнаментам.

Яшчэ адзін сямейны калектыў заслужыў выдатныя адзнакі: Наталля Лукашык і яе дачка Валерыя з Валожынскага раёна. 

Гаспадары свята - уздзенцы - таксама выдатна паказалі сваё майстэрства. Большасць удзельнікаў прадстаўляла народная студыя "Скарбніца” Хатлянскага СДК. Гэты калектыў мае доўгую гісторыю. У яго фондах захоўваюцца матэрыялы вядомай даследчыцы традыцыйных паясоў Веры Селівончык. Маладыя студыйцы Андрон Дар’я і Калеснікава Ксенія працягваюць традыцыі сваіх продкаў.

Прадугледжана на конкурсе намінацыя для лепшага настаўніка "За арганізацыю пераемнасці традыцый народнага мастацтва”. У гэтай намінацыі лаўрэатам стала Ірына Валатовіч з Салігорскага раёна.

Не засталася без увагі і самая маладая ўдзельніца свята Настасся Касарыцкая (2008 г.н.). Падчас конкурса яна вышыла прыгожую сурвэтку.

Нягледзячы на прагноз, надвор’е цудоўным вобразам спрыяла майстрам.  Як адзначыў старшыня журы, вядомы даследчык традыцыйнага мастацтва, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, ІV рэгіянальнае свята-конкурс вышыўкі і ткацтва пояса "Умельцы” паказала шмат перспектыў развіцця гэтых жанраў народнай творчасці.

На заканчэнне ён пажадаў майстрам плёну і як мага больш добрых вучняў-пераемнікаў.



http://cultur.by/articles/umelcy-minshchyny

749