Яўген Шунейка. У ТВОРЧЫМ ГНЯЗДОЎІ МАЙСТРА

У ТВОРЧЫМ ГНЯЗДОЎІ  МАЙСТРА

   Напачатку сёлетняй восені, 12 верасня адбыўся першы мастацкі плэнер, прысвечаны памяці класіка беларускага мастацтва ХХ ст. Міхася Сеўрука.

  
Мінскія мастакі Фёдар Ладуцька і Яўген Шунейка, іх калегі з Узды Андрэй Лычкоўскі і  Алесь Філіповіч, а таксама мастачка з Гродна Алена Шунейка наведалі старадаўні Нясвіж і правялі шмат гадзін у доме-музеі мастака, размясціліся з эцюднікамі вакол утульнага будынка.


  
Малявалі алейнымі, акварэльнымі і пастэльнымі фарбамі пакойчыкі з экспанаванымі там творамі і асабістымі мастацкімі прыладамі вялікага творцы, адлюстроўвалі фасад музея і дворык з яблынямі.





  
Гэта тая творчая прастора, у якой былі створаны шматлікія жывапісныя і графічныя кампазіцыі М.Сеўрука. Вельмі часта гэты дом з дворыкам станавіўся аб’ектам пранікнёнага жывапісу нясвіжскага маэстра.



  
І вось, нарэшце,  упершыню ў сучасным беларускім мастацтве з’явіліся энтузіясты, якія знайшлі час і наведалі мемарыяльнае месца, дзе было створана цэлая галерэя народных вобразаў, партрэтных выяў, пейзажных і сюжэтных твораў, маляўнічых нацюрмортаў і інш.





  
У выдатна захаваным гістарычным асяроддзі, як адзначылі ўсе ўдзельнікі плэнера, малявалася лёгка і натхнёна, бо дапамагала і сама атмасфера дома мастака, сваечасова пераўтворанага ў музей.



  
Перад ад’ездам удзельнікі плэнеру зрабілі яшчэ шэраг эцюдаў на беразе возера, якое надае непаўторную прыгажосць гарадскому цэнтру, дзе таксама раней бываў М.Сеўрук з пэндзалем і палітрай.



  
Праз тыдзень мастакі працягнуць сваю працу на нясвіжскім плэнеры, а затым падрыхтуюць выставу ў Нясвіжы, многія творы з якой будуць падараваныя раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею.



 Яўген Шунейка,

кандыдат мастацтвазнаўства,прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў.

Крыніца

784