Яўген Шунейка. ЧАРОЎНЫ МАСТАЦКІ КУТОК НА ВУЛІЦЫ САДОВАЙ. КОЛЕРЫ НЯСВІЖСКАГА ВЕРАСНЯ

ЧАРОЎНЫ МАСТАЦКІ КУТОК НА ВУЛІЦЫ САДОВАЙ 

 



  Сёлета 19 верасня ў Нясвіжы на вуліцы Садовай, у доме-музеі мастака Міхася Канстанцінавіча Сеўрука адбылася нязвыклая ўрачыстасць.

Ірына Калібаба, Федар Ладуцька, Алена Шунейка, Алесь Філіповіч, Соф'я Піксімава, Андрэй Лычкоўскі.



Мастакі з Мінска, Узды і Гродна перадалі ў дар для музейнай калекцыі свае творы, прысвечаныя памяці вялікага жывапісца і графіка, які з 1939 г. да канца сваіх дзён (1972 г.) жыў і працаваў у гэтым непаўторна прыгожым і ўтульным горадзе.

Тыдзень таму назад мастакі правялі тут свой першы аднадзённы плэнэр, толькі, як кажуць, дакрануліся да хвалюючай іх тэмы жыцця і творчасці класіка беларускага выяўленчага мастацтва. Але, вярнуўшыся дадому, працягвалі працаваць над распачатымі творамі і літаральна праз тыдзень у завершаным выглядзе перадалі іх на захаванне дырэктару Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея Інэсе Піваварчык  і навуковаму супрацоўніку музея Ірыне Калібабе…


Алесь Філіповіч. Дом мастака Сеўрука.

Андрэй Лычкоўскі. Ля ўвахода ў дом мастака Сеўрука.

Андрэй Лычкоўскі і Аляксандр Філіповіч ўпершыню ў сучасным беларускім мастацтве адлюстравалі ў пейзажным жанры фасад дома мастака, які свеціцца ў праменнях сонечнага святла і ў атачэнні спелых сланечнікаў.

Быў створаны і іншы вобраз мастацкай сядзібы, куды здалёк вяртаецца мастак з эцюдаў. Вяртаецца таксама і ў вобразным сэнсе з часоў бяспамяцтва да сучаснага прызнання і ўшанавання. Сама экспазіцыя музея, даступная да неабмежаванага кола наведвальнікаў, з’яўляецца сведчаннем такіх доўгачаканых перамен у папулярызацыі вялікай мастацкай спадчыны.

Яўген Шунейка. Вяртанне з эцюдаў.

Дом быў нядаўна выдатна адрамантаваны. У яго пакоях захоўваецца вялікая колькасць жывапісных і графічных твораў, асабістыя прылады мастакоўскай дзейнасці, мэбля, іншыя памятныя рэчы. У пакойчыку, дзе раней мясцілася майстэрня творцы, знаходзяцца розныя асабістыя 
прылады М.Сеўрука для выканання друкаваных графічных аркушаў. Частку з іх раней перадаў музею светлай памяці мастак Віктар Маркавец, які іх адшукаў у віленскіх сховішчах.


Сапраўды, дом мастака поўніцца рамантычнымі ўспамінамі.


Фёдар Ладуцька нібы на адным дыханні намаляваў куток пакойчыка, дзе мастак з жонкаю частавалі за самаварам сваіх шматлікіх гасцей. Яму ўдалося перадаць у срабрыстых пастэльных танах вытанчаную эстэтычную атмасферу дома, які доўгі час быў сапраўдным цэнтрам мастацкага жыцця горада.

Федар Ладуцька. Свет дома майстра

Алена Шунейка была вельмі ўражана колькасцю выдатна напісаных кветкавых кампазіцый М.Сеўрука, якія аздабляюць музейную экспазіцыю. І падаравала музею свой акварэльны твор "Мастак сярод кветак”, напісаны пад уздзеяннем чароўнага нясвіжскага асяроддзя.

Алена Шунейка. Мастак сярод кветак.

Дабрачынны пачатак мастацкага супрацоўніцтва, такім чынам, адбыўся на належным творчым узроўні.
У мастакоў і музейшчыкаў узніклі новыя ідэі для далейшых сустрэч і
мерапрыемстваў.  Мастакі таксама, нягледзячы на восеньскую непагадзь, наведалі радзівілаўскі палацавы комплекс, абышлі яго навокал і знайшлі шмат некранутых яшчэ ў беларускім мастацтве палаца-паркавых матываў, якія плануюць таксама адлюстраваць у сваёй творчасці.


Яны  лічаць:


"Каб мастаком сапраўдным стаць,



Нясвіж нам трэба маляваць.”   



КОЛЕРЫ НЯСВІЖСКАГА ВЕРАСНЯ

Доўгі час палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы быў вялікай рэстаўрацыйнай пляцоўкай з рыштаваннямі, будаўнічымі матэрыяламі і тэхнікай.

Але цяпер сюды вярнулася доўгачаканая эстэтычная завершанасць, гармонія архітэктуры і прыроднага наваколля. Чым больш набліжаюцца аматары нязвыклых уражанняў да галоўнай брамы палаца, тым больш аддаляецца адчуванне сучаснасці. Нібы трапляюць шукальнікі даўніны ў мінулы час, калі Нясвіж быў выключным па сваёй значнасці асяродкам культуры. Атмасферу былой велічы захоўваюць муры і вежы палаца, які размясціўся на сваеаблівым пагорку-востраве, аддзеленым ад паркавай зоны глыбокім і шырокім водным каналам.

У вераснёўскі час яскрава адчуваецца надыход восені, першы россып залатой лістоты аздабляе маляўнічы каларыт непаўторна-прыгожага асяроддзя.


Так атрымалася, што мастакі Ф.Ладуцька, А.Шунейка, А.Лычкоўскі і іншыя ўдзельнікі вераснёўскага плэнэра, прысвечанага памяці нясвіжскага мастака М.Сеўрука, атрымалі магчымасць наведаць гэты жывапісны цуд на яве і ўдыхнуць свежы глыток творчага натхнення.


Дакументальныя фотаадлюстраванні не могуць замяніць непасрэднага зрокавага ўражання, але вельмі  дапамагаюць адчуць і зразумець, якія выдатныя магчымасці з’явіліся для беларускіх мастакоў, каб на працягу года наведваць Нясвіж і маляваць з натуры гэтыя каштоўныя па сваёй вобразна-жывапіснай непаўторнасці архітэктурна-прыродныя матывы.  


 Можна адзначыць, што такія матывы проста немагчыма няўдала намаляваць. Эцюды ці накіды з натуры ў розных вырашэннях з арыгінальнымі фармальна-стылістычнымі адметнасцямі, створаныя ў двары ці вакол велічнага палаца,  абавязкова стануць неверагодна новым словам ў творчым самавыражэнні, аздобяць любую персанальную ці калектыўную выставу.


Такую невычэрпную творчую каштоўнасць убачылі перад сабой мастакі і не стамляліся ствараць усё новыя запамінальныя фотакадры, якія тут можна ўбачыць. Не было магчымасці намаляваць нават невялікі накід алоўкам на паперы, бо са срабрыста-шэрага неба няспынна прыгадваў пра сябе няўрымслівы, дробны вераснёўскі дождж. Але гэта ніяк не бянтэжыла зачараваных шукальнікаў новых творчых адкрыццяў. 

Яны з вялікім задавальненнем адзначылі,  што літаральна з кожнай кропкі гледжання тут можна маляваць выдатныя пейзажныя творы, якія заўсёды будуць запатрабаваныя ў беларускім пейзажным жывапісе. І гэта, нягледзячы на тое, што нясвіжская тэма ў розны час прываблівала выдатных айчынных жывапісцаў і графікаў.


М. Сеўрук у гэтым кірунку заклаў сапраўдную творчую традыцыю, якую можна і неабходна ўзбагачаць новымі сучаснымі мастацкімі творамі. Таму вырашэнне было адзінадушным і вельмі ўпэўненым: дачакацца сонечных дзён залатой кастрычніцкай восені і з падрыхтаванымі загадзя белымі палотнамі вярнуцца ў поўным мастацкім рыштунку да ўпадабанага месца.

Міхаіл Сеўрук. Фарны касцел.

Пра першыя вынікі гэтай новай творчай акцыі "Малюем Нясвіж” паведамленне будзе неўзабаве і сваечасова.       


Разам з ўсімі здымаў, захапляўся
ўбачанным і


напісаў гэтыя радкі

Яўген Шунейка.  





745