У Навагрудскай “Падземцы”


У НАВАГРУДСКАЙ "ПАДЗЕМЦЫ”


У Навагрудку яшчэ няма патрэбы будаваць метрапалітэн, але ўжо ёсць сваё падземнае выставовае асяроддзе з асобнымі заламі і шматлікімі калідорамі-пераходамі. Яно размяшчаецца літаральна пад будынкамі Мемарыяльнага Дома-музея Адама Міцкевіча.

У гэтай нязвыклай і рамантычнай "падземцы” і адбылося 30 кастрычніка адкрыццё чарговай выставы актывістаў творча-асветніцкага праекта "Выток Нёмана-выток духоўнасці”.

Яна прысвячаецца 215-годдзю з дня нараджэння нашага славутага земляка, волата эпічнай паэзіі ХIХ ст. і мае назву "Паэту – нёманскі вянок".  

З асаблівай юбілейнай нагоды мастакі вырашылі падараваць музею А.Міцкевіча унікальнае выданне 1840-х гг. 

Гэту кнігу, мабыць, і сам А.Міцкевіч мог трымаць у руках, бо гэта – зборнік яго парыжскіх лекцый, выдадзены у Францыі на польскай мове.

Ён прысвечаны гісторыі славянства і нават аздоблены ілюстрацыямі, звязанымі з гісторыяй Рэчы Паспалітай. Мастакі сабралі патрэбную колькасць сродкаў, каб набыць такую каштоўную кнігу на аўкцыёне. Таму адкрыццё выставы з рытуалам дарэння было вельмі святочным і запамінальным.

Малады уздзенскі гісторык Павел Апановіч пры гэтым распавядаў пра вялікую ролю паэта ў эміграцыі для прапаганды нашай нацыянальнай культуры тады яшчэ зусім невядомай у свеце  на міжнародным узроўні.


І выяўленчыя творы мастакоў таксама з’яўляюцца вялікім эстэтычным падарункам для  шматлікіх навагрудскіх гледачоў, замежных турыстаў, якія ахвотна наведваюць выдатна адрэстаўраваны музей. 

Творчых гасцей з Мінска, Гродна і Узды шчыра вітаў вядомы мастак з Навагрудчыны Кастусь Качан. Ён актыўна займаецца наладжваннем выставовай справы ў гэтым рэгіёне Беларусі і знайшоў час, каб прывітаць сваіх калег, што таксама праяўляюць перасоўную выставовую  актыўнасць.


Экспанаваныя творы маюць вельмі разнастайны характар, ахопліваюць гістарычны, пейзажны, нацюрмортны і іншыя жанры.  Большасць з іх напісана з натуры ў леташнім і сёлетнім гадах і не перастаюць захапляць сваёй чысцінёй пачуццяў і жывапісным натхненнем.


М.Мішчанка праявіў сябе як непараўнальны майстар адлюстравання ружаў у тэхніцы акварэлі. Гэта – вялікія букеты белых і жоўтых кветак, на якіх нібы іскрыцца ранішняя раса.


Л.Гоманаў знаходзіць у прыродзе сапраўдныя куточкі "зачараванага царства”, дзе зіхціць пад сонцам шэрань, ахінае густым дываном сутонне,  стаяць паабапал гасцінцаў больш чым стогадовыя дубы. Ён ужо стварыў столькі цудоўных маляўнічых пейзажаў, што здолеў бы адначасова экспанаваць іх у многіх выставовых залах.

Дарэчы, яго персанальная выстава не перастае захапляць гледачоў у Мінску (глядзіце артыкул "Ой рэчанька, рэчанька”). 


А.Філіповіч прысвяціў свае творы гістарычнаму мінуламу Беларусі. Гэта тэма яго хвалюе са студэнцкіх гадоў, праведзеных у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Таму на выставе ён паказаў сваю жывапісную кампазіцыю "Абуджэнне” (1989 г.), а таксама вобразны твор-алегорыю "1812 год”, напісаны да 200-годдзя памятных ваенных падзей.

Іншыя мастакі таксама па-новаму  адгукнуліся на гэтую складаную праблематыку, якая вельмі хвалявала і самога Адама Міцкевіча.


А. Лычкоўскі, неўтаймаваны арганізатар супольных экспазіцыйных праектаў, таксама паспявае маляваць вельмі экспрэсіўныя пейзажныя матывы. На выставе гучнымі каляровымі акцэнтамі ўспрымаліся яго пейзажы Панямоння, расквечаныя золатам кастрычніцкіх клёнаў.


Ф.Ладуцька вельмі арыгінальна працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу і пастэлі.   Ён перадае ў сваіх творах  імгненныя станы прыроды, якая хвалюецца і ажывае пад павевамі ветрыку. І гэта жывое адчуванне прыроды перадаецца і гледачам.


Марына Эльяшэвіч з Гродна выдатна валодае тэхнікай тушавага жывапісу на кітайскай паперы. Яна прысвяціла свае лаканічныя кампазіцыі нёманскім матывам, выяўляючы іх невычэрпны паэтычны настрой.

Нёманская тэма з’яўляецца вельмі запатрабаванай у музеі паэта на яго малой радзіме. Ён прысвячаў гэтай рацэ свае неўміручыя паэтычныя радкі. 



Я.Філіповіч з’яўляецца пакуль-што адзіным скульптарам сярод перасоўных графікаў і жывапісцаў. Але без яго невялікіх па памерам твораў, прысвечаных хараству дзяўчын-муз, выстава страціла б пэўны "градус” эмацыйнай узнёсласці і разнастайнасці.


Выстава будзе экспанавацца ў Доме-музеі паэта на працягу лістапада, а потым мастакі таксама перададуць у дар гэтаму выдатнаму асяродку захавання памяці пра славутага песняра з Навагрудчыны свае творы, найбольш упадабаныя гледачамі.


Магчыма, і іншыя беларускія мастакі разам са сваімі шчырымі калегамі з іншых краін маглі б узбагаціць супольны вянок у гонар паэта сваімі  пранікнёнымі творамі. 


Яўген Шунейка, мастацкі крытык і ўдзельнік выставы.


-----------
Крыніца
-----------




Выток Нёмана - выток духоўнасці


670